Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/103

Гэта старонка была вычытаная

што за гэта можна страціць галаву, ён усклікнуў: «Ды гэта-ж не галава мая вінавата, а зусім другая частка цела». Суддзі засмяяліся, і гэта выратавала яму жыццё.

На вуліцах кружылі ў карман'ёле[1], называючы пры гэтым адзін аднаго не «кавалер» і «дама», а «грамадзянін» і «грамадзянка». Танцавалі на руінах манастыроў; на алтарах гарэлі лампадкі, а пад купалам — чатыры свечкі на канцах двух скрыжаваных жэрдак. Пад нагамі танцуючых былі магілы.

У вялікай модзе былі сінія, так званыя «тыранскія» камзолы. Мужчынскія сарочкі зашпільваліся шпількамі Волі з белымі, сінімі і чырвонымі каменнямі.

Вуліца Рышэлье называлася вуліцай закона, прадмесце Сент-Антуан — прадмесцем Славы. На пляцу Бастыліі стаяла статуя Прыроды.

Багатыя франты высмейвалі грамадзянскія шлюбы. Яны стаялі ля дзвярэй мэрый і сустракалі кожную выходзячую адтуль пару крыкамі: «Муніцыпальныя маладыя!» Статуі святых і каралёў у Доме інвалідаў фарсілі ў фрыгійскіх каўпаках. На тратуарных тумбах ішла карцёжная гульня. Нават у картах адбыўся поўны пераварот: замест каралёў былі міфічныя геніі, дамай была фігура волі, валет быў не валет, а роўнасць, туз — закон. У грамадскіх садах аралі; у Цюільры працаваў плуг.

Усюды чыталі газеты. Цырульныя падмайстры завівалі на вачах у публікі дамскія парыкі, а гаспадар тымчасам чытаў ім уголас «Маніцёр». Цырульнікі горача абгаварвалі артыкулы. Гандляры віном прадавалі на вуліцах «эмігранцкія віны». Іншыя гандлявалі насценнымі гадзіннікамі ў выглядзе ліры і канапамі «ў гусце

  1. Карман'ёла — самая папулярная рэволюцыйная песня. Яе склалі ў Парыжы пасля ўзяцця каралеўскага палаца ў 1792г. Спяванне карман'ёлы суправаджалася танцам.