Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/105

Гэта старонка была вычытаная

срэбрам за сажань. На вуліцах можна было бачыць людзей, якія пілавалі на дровы свае ложкі. Узімку фантаны замерзлі; усе ператварыліся ў ваданосаў.

Не было відаць, каб настрой народу падаў, — нічога, апрача суровай радасці, што нарэшце скончана з прастоламі. Валенцёры валілі гуртом, прапануючы бацькаўшчыне сваё жыццё. Кожная вуліца выстаўляла па батальёну. Усюды мільгалі сцягі розных акруг, кожная са сваім дэвізам. На сцягу акругі Капуцінаў было напісана: «Ніхто не здужыць нас». На другім: «Благародства ў сэрцах — іншага нам не трэба». На ўсіх сценах стракацелі афішы, вялікія і малыя, белыя, жоўтыя, зялёныя і чырвоныя, друкаваныя і рукапісныя, і ўсе ў адзін голас крычалі: «Хай жыве рэспубліка!» Маленькія дзеці лапаталі „Ça ira!“[1]

Гэтыя дзеці сімвалізавалі сабой неабдымнае будучае.

У дзевяноста трэцім годзе, да якога адносіцца наша апавяданне, вуліцы Парыжа мелі грандыёзны і суровы характар пачатку рэволюцыі. У іх былі свае прамоўцы, свае героі, свае любімцы. Між іх вызначаўся адзін чэсны і бязлітасна рашучы. Яго імя было Сімурдэн.

СІМУРДЭН

Сімурдэн быў чалавек надзвычайна сумленны, але з суровым характарам. Ён быў раней ксяндзом, а гэта накладвае свой адбітак.

Гісторыя яго жыцця вельмі простая. Ён быў вясковым кюрэ і ў той-жа час настаўнікам у адным арыстакратычным доме. Потым ён атрымаў невялікую спадчыну і кінуў сваю парафію.

  1. Ça ira (ca-ipa) — літаральна азначае: „пойдзе“! Прыпеў папулярнай рэволюцыйнай песні.