Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/106

Гэта старонка была вычытаная

Ён быў перш за ўсё чалавек непахіснай волі. За кожную думку, якая ўражала яго, ён хапаўся нібы абцугамі і не пакідаў яе, пакуль не прадумваў да канца. Ён ведаў усе еўрапейскія мовы. Ён вечна, безупынна вучыўся.

Будучы ксяндзом, ён выконваў усе правілы, але не мог захаваць сваёй веры. Навука забіла яе; ад догматаў у яго душы нічога не засталося. Тады, разбіраючыся ў сабе, ён адчуў сябе маральным калекай і, не маючы сілы скінуць з сябе тое, што заставалася ў ім ад ксяндза, пачаў выпрацоўваць у сябе чалавека на свой уласны, суровы манер. У яго аднялі сям'ю — яго сям'ёй зрабілася бацькаўшчына.

Яго бацькі, простыя сяляне, зрабілі яго ксяндзом для таго, каб вывесці яго з асяроддзя простага народу, а ён зноў пайшоў у народ.

Пакуты выклікалі ў ім пяшчотнасць. Ксёндз зрабіўся філосафам; філосаф ператварыўся ў байца. Яшчэ пры жыцці Людовіка XV Сімурдэн, сам таго не ведаючы, адчуваў сябе рэспубліканцам. Аб якой-жа рэспубліцы марыў ён?

Яму забаранілі любіць — ён пачаў ненавідзець. Ён ненавідзеў няпраўду, манархію, ксяндзоўскую сутану. Ён ненавідзеў існуючае і заклікаў будучае.

У 1789 годзе[1] гэтае будучае, нарэшце, прышло. Ён быў ужо падрыхтаваны. Сімурдэн кінуўся ў вялікую справу абнаўлення чалавецтва, узброіўшыся ўсёй сваёй логікай. Ён перажыў вялікія рэволюцыйныя гады, адклікаючыся на ўсе падзеі: у 89-м годзе падзенне Бастыліі[2] і канец пакут народу; у 90-м годзе — канец

  1. 1789 год — пачатак французскай буржуазнай рэволюцыі.
  2. Бастылія — парыжская цытадэля, якая была пры манархіі дзяржаўнай турмой. 14 ліпеня 1789 года парыжскі народ узяў з боем Бастылію і зруйнаваў яе дашчэнту.