Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/108

Гэта старонка была вычытаная

феадальнага ладу; у 91-м годзе — падзенне манархічнай улады; у 92-м годзе — стварэнне рэспублікі. Ён бачыў, як уздымалася рэволюцыя. Быстры рост усяго навакольнага ажывіў яго. Не гледзячы на тое, што ён быў ужо немалады (яму ішоў тады пяцьдзесят першы год), ён таксама пачаў расці. З года ў год ён рос разам з падзеямі. Спачатку ён баяўся за лёс рэволюцыі. Ён пільна сачыў за ёй. Ён пераканаўся, што розум і права былі на баку рэволюцыі, і горача жадаў ёй поспеху.

Так ён дажыў да дзевяноста трэцяга года.

Дзевяноста трэці год — гэта вайна Еўропы з Францыяй і Францыі з Парыжам. А што такое рэволюцыя? Гэта перамога Францыі над Еўропай і Парыжа над Францыяй. Адсюль і неабдымнае значэнне гэтага страшнага года, які даў больш, як усе астатнія гады восемнаццатага стагоддзя.

Нічога больш трагічнага нельга сабе ўявіць: Еўропа, якая нападае на Францыю, і Францыя, нападаючая на Парыж.

Дзевяноста трэці год быў годам найвялікшага напружання сіл. У дзевяноста трэцім годзе навальніца выявіла ўсю магутнасць свайго гневу, усю сваю веліч. Сімурдэн адчуваў сябе ў сваёй стыхіі. Падобна марскому арлу, ён злучаў у сабе глыбокі ўнутраны спакой з любоўю да рызыкоўных небяспек. Існуюць людзі, у душы якіх жывуць буры.

У яго быў своеасаблівы жаль, жаль да пасынкаў лёсу; нават пакуты, якія выклікаюць жах, не адштурхвалі яго. У гэтым была асаблівасць яго дабраты. Аднаго разу ў больніцы паміраў хворы ад небяспечнай скулы ў горле, якая душыла яго. Скула была агіднейшая, смярдзючая, мабыць, заразлівая. Каб выратаваць памі-