Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/109

Гэта старонка была вычытаная

раючага, трэба было неадкладна выпусціць гной. Сімурдэн выпадкова быў ля хворага. Ён прылажыў губы да скулы, пачаў смактаць і выплёўваць і такім чынам выратаваў чалавека ад смерці. А як ён у той час хадзіў яшчэ ў сутане, то нехта з прысутных сказаў яму:

— Каб вы зрабілі гэта для караля, то заўтра ўжо былі-б біскупам.

— Я не зрабіў-бы гэтага для караля, — адказаў Сімурдэн.

Гэты ўчынак і гэты адказ стварылі яму папулярнасць у бедных кварталах Парыжа.

Яго папулярнасць была такая вялікая, што ўвесь гаротны люд, усе плачучыя, усе зняважаныя і злобныя былі мяккім воскам у яго руках. У часе выбухаў народнага гневу супроць спекулянтаў — гневу, так часта прыводзіўшага да прыкрых памылак, — Сімурдэн адным сваім словам спыніў у порце святога Нікалая разгром паруснага судна, нагружанага мылам, а другі раз рассеяў раз'яраны натоўп, які затрымаў вазы ля Сен-Лазарскай заставы.

І той-жа Сімурдэн праз дзесяць дзён пасля 10 жніўня[1] вёў за сабой натоўп граміць статуі каралёў. Падаючы з п'едэстала, статуі забівалі людзей. На Вандомскай плошчы адна жанчына была раздушана бронзавай статуяй Людовіка XIV. Гэтая статуя прастаяла роўна сто год: яна была пастаўлена 12 жніўня 1692 года, а 12 жніўня 1792 года скінута з п'едэстала. На плошчы Згоды нехта Генгерло назваў разбуральнікаў «сволаччу» і тут-жа, ля статуі Людовіка ХV, быў забіты натоўпам. Статую разбілі ўдрызг. Пазней з яе начаканілі медных грошай. Нейкім чынам адна рука ўца-

  1. 10 жніўня 1792 года парыжскі народ узяў штурмам Цюільрыйскі палац і пасадзіў у турму караля і яго сям'ю.