Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/112

Гэта старонка была вычытаная

век, які лічыў сябе беспамылковым. Ніхто ніколі не бачыў, каб ён плакаў. Гэта была дабрачыннасць непрыступная, ледзяная; гэта быў праведнік, які наводзіць жах.

Для ксяндза, які далучыўся да рэволюцыі, няма сярэдзіны. Прыняць актыўны ўдзел у гэтых грандыёзных, бурных падзеях ксёндз можа толькі з самых нізкіх або з самых высокіх меркаванняў; для гэтага трэба быць або падлюгай, або ўзвышаным чалавекам. Сімурдэн быў узвышаным, але замкнёным у сабе і недасягаемым, як скала. Такой палохаючай чыстатой вызначаюцца высокія горы.

Сімурдэн меў аблічча звычайнага чалавека; апранаўся абыяк, меў выгляд бедняка. У маладосці ён галіў чуб. Пад старасць аблысеў, і тыя рэдкія валасы, якія яшчэ заставаліся на яго галаве, пасівелі. Лоб у яго быў шырокі, і ўважлівы назіральнік знайшоў-бы на ім адзнакі вялікага розуму. Гаварыў ён урачыста, палка і рэзка, уладарным, адрывістым тонам. У складках губ у яго было нешта сумнае. Позірк быў ясны і глыбокі.

Такі быў Сімурдэн.

У наш час імя яго забыта. У гісторыі ёсць нямала невядомых, якія былі грознымі ў свой час.

Ці мог быць названы чалавекам такі чалавек? Аддаўшы сябе чалавецтву, ці мог ён мець асабовую прыхільнасць? Ці мог Сімурдэн любіць?

Яшчэ маладым чалавекам ён быў выхаваўцам і настаўнікам у адным арыстакратычным доме; у яго быў выхаванец, сын і наследнік гэтай сям'і, і яго ён любіў.

Дзіця лёгка палюбіць. Чаго не даруеш дзіцяці? Яму даруюць тое, што ён знатны, што ён прынц, што ён кароль. Бязвіннасць яго ўзросту прымушае забываць