Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/113

Гэта старонка была вычытаная

злачынствы яго роду; слабасць маленькай істоты засланяе сабой яго паходжанне. Ён такі малы, што яму даруецца яго высокі ранг. Раб не злуе на яго за тое, што ён яго пан. Стары негр увесь адданы свайму былому выхаванцу. Сімурдэн шчыра прывязаўся да свайго вучня. Невыказнае хараство дзяцінства заключаецца іменна ў тым, што на дзіця можна выліць увесь запас любові. Уся пяшчота, якая была ў Сімурдэне, навалілася, калі можна так сказаць, на гэтага хлопчыка. Для яго самотнага сэрца гэтае дзіця паслужыла нібы здабычай. Ён любіў яго адначасова як бацька, як брат. як друг. Ён не быў бацькам гэтага дзіцяці, ён быў яго настаўнікам, майстрам, мастаком. Гэта быў лепшы яго твор. З гэтага маленькага вяльможы ён зрабіў чалавека і, можа нават, вялікага чалавека, — хто ведае? Так, прынамсі, ён марыў. Без ведама сям'і ён перадаў маладому віконту, свайму выхаванцу, усё тое, што жыло і расло ў ім самім, пераліў у яго жылы свае погляды, сваё сумленне, свае ідэалы; у гэты арыстакратычны мозг ён удыхнуў народную душу.

Дзіця было сіратою; яго бацькі памерлі; яно засталося на руках сляпой старой бабулі і стрыечнага дзеда, які заўсёды адсутнічаў. Бабуля хутка памерла. Дзед, вайсковец і арыстакрат, які граў значную ролю пры двары караля, нудзіўся ў сваім старым родавым замку і жыў то ў Версалі, то пры арміі. Хлопчык заставаўся адзін з выхаваўцам у самотным замку.

Яшчэ зусім маленькім ён перацярпеў сур'ёзную хваробу. Некалькі дзён ён быў пры смерці, і Сімурдэн ні ўдзень, ні ўначы не адыходзіў ад яго. Доктар лечыць, сядзелка даглядае. Сімурдэн дагледзеў дзіця. Яго выхаванец быў абавязаны яму не толькі сваім выхаваннем, адукацыяй і ведамі, але і сваім выздараўленнем ад цяжкой хваробы, сваім здароўем. Ён быў даўжніком