Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/115

Гэта старонка была вычытаная

свайго выхавальніка не толькі таму, што ён навучыў яго мысліць, але і таму, што ён выратаваў яму жыццё. Як гэта звычайна бывае, жыццё разлучыла іх. Выхаванне было скончана, хлопчык зрабіўся юнаком, і Сімурдэну прышлося з ім разлучыцца. З якой несвядома- халоднай жорсткасцю адбываюцца такія разлукі! Як абураюча-спакойна адпускаюць багатыя сем'і настаўніка, што ўклаў сваю думку ў дзіця, і карміліцу, што аддала яму ўсе свае сокі. З Сімурдэнам расплаціліся і выставілі за парог, і ён адышоў ад вярхоў грамадства, каб зноў апусціцца ў нізы. Моцныя дзверы, якія аддзяляюць багатых арыстакратаў ад маленькіх людзей, зачыніліся за ім. Малады арыстакрат, залічаны ў армію афіцэрам ад дня нараджэння і адразу павышаны ў капітаны, паехаў у свой гарнізон, а скромны настаўнік-духоўнік, які ў глыбіні душы даўно ўжо далучыўся да лагера непакорных, вярнуўся ў тыя цёмныя царкоўныя сутарэнні, што завуцца ніжэйшым духавенствам, і з таго часу не бачыў свайго выхаванца.

Прышла рэволюцыя. У Сімурдэне жылі ўспаміны аб дзіцяці, якога ён зрабіў чалавекам. Гэтыя ўспаміны тлелі яркай іскрай, і ніякія грандыёзныя грамадскія падзеі не маглі загасіць яе. Гэты хлопчык-сірата быў адзіным у свеце стварэннем, якое Сімурдэн любіў.