Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/116

Гэта старонка была вычытаная

КНІГА ДРУГАЯ


ШЫНОК НА ВУЛІЦЫ ПАЎЛІНА

На вуліцы Паўліна быў шынок, або, як яго называлі, кафэ. Пры гэтым кафэ быў задні пакой, які цяпер зрабіўся гістарычным. Там часам сыходзіліся, па магчымасці таемна, людзі, якія карысталіся такой магутнай уладай і так былі на вачах ва ўсіх, што яны не адважваліся гутарыць між сабой публічна.

28 чэрвеня 1793 года ў гэтым пакоі сядзелі за сталом тры чалавекі. Кожны займаў адзін бок стала; чацвёрты заставаўся незанятым. Было каля васьмі гадзін вечара. На вуліцы было яшчэ светла, але ў заднім пакоі кафэ ўжо сцямнелася, і стол асвятляўся лямпай, якая была падвешана да столі.

Адзін з іх быў малады чалавек, бледны, сур'ёзны, з тонкімі губамі і халодным позіркам. Адна шчака яго нервова падрыгвала, што, відаць, перашкаджала яму ўсміхацца. Ён быў у напудраным парыку і пальчатках, зашпіленых на ўсе гузікі. На яго светла-блакітным камзоле не было ніводнай складачкі. Нанкавыя штаны, белыя панчохі, высокі гальштук, плісіраванае жабо і чаравікі са срэбнымі пражкамі дапаўнялі яго касцюм. З двух другіх адзін быў як волат, другі — бадай карлік. Волат меў вельмі неахайны выгляд: на ім быў шырачэзны ярка-чырвоны суконны камзол, боты з адваротамі і расшпіленая жылетка з абарванымі гузікамі: голая шыя выступала над развязаным гальштукам,