Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/118

Гэта старонка была вычытаная

Яны былі адны ў пакоі. Перад Дантонам стаялі шклянка і бутэлька з віном, пакрытая пылам; перад Маратам — кубак кавы, перад Робесп'ерам былі раскладзены паперы.

Каля папер стаяла адна з тых цяжкіх свінцовых круглых чарніліц з баразёнкамі, якія ўжываліся ў школах яшчэ ў пачатку стагоддзя. Тут-жа было кінута пяро. На паперах ляжала вялікая медная пячатка — дакладная мадэль Бастыліі. Пасярэдзіне стала была разгорнута карта Францыі.

Знадворку, за дзвярыма пакоя, стаяў вартавы пёс Марата — Лоран Бас, рассыльны з № 18 на вуліцы Кардыльераў, той самы, які 13 ліпеня, прыблізна праз два тыдні пасля чэрвеньскага вечара, што мы цяпер апісваем, ударыў крэслам па галаве Шарлоту Кордэ, якая ў гэтую мінуту яшчэ не выязджала з Кана і толькі невыразна марыла аб тым, што ёй было прызначана зрабіць.

Лоран Бас звычайна разносіў карэктурныя аркушы «Друга народу». У той вечар яго гаспадар узяў яго з сабой у кафэ на вуліцы Паўліна са строгім наказам пільнаваць дзверы пакоя, дзе павінна было адбыцца паседжанне.

Нарада пачалася ўжо даволі даўно. Абгаварваліся раскладзеныя на стале паперы, якія Робесп'ер толькі што прачытаў уголас. Пачалі спрачацца. Галасы рабіліся ўсё гучнейшымі: у іх пачыналі гучэць гнеўныя ноткі. Часам вырываліся паасобныя словы, сказаныя так голасна, што чуваць было знадворку. У тыя часы ўсе так прывыклі да прамоў з трыбун, што кожны лічыў сябе маючым права слухаць. Лоран Бас прылажыў вуха да дзвярэй пакоя, дзе вялі нараду Дантон, Марат і Робесп'ер.