Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/12

Гэта старонка была вычытаная

— Я зразумела цяпер, у чым справа. Вы родам з Францыі, а я — з Брэтані[1].

— Ну, дык што-ж?

— Гэта розныя месцы.

— Але-ж бацькаўшчына ў нас адна! — усклікнуў сержант.

На гэта жанчына толькі паўтарала сваё:

— Я з фермы Сікуан'яр.

— Ну, добра, хай будзе Сікуан'яр, — згадзіўся сержант. — Там у цябе сваякі?

— Але.

— Чым яны займаюцца?

— Яны ўсе памерлі. У мяне нікога не засталося.

Сержант, добры балбатун, рабіў допыт далей:

— Што за чорт! Сваякі ў кожнага ёсць, а калі няма, дык былі… Хто ты? Ну, кажы!

Маркітантка прышла ёй на дапамогу. Яна зноў пагладзіла па галаве грудное дзіця і папляскала па шчоках двух старэйшых.

— Як завуць гэтую смактуху? — спытала яна. — Гэта-ж дзяўчынка?

Маці адказала:

— Жоржэта.

— А старэйшага? Я бачу, гэты разбойнік — мужчына.

— Рэне-Жан.

— А малодшага? Ён, відаць, таксама мужчына, ды яшчэ які тоўсташчокі!

— Гро-Алэн, — адказала маці.

— Добрыя дзеткі, — сказала маркітантка. — Ужо зусім падобныя на сапраўдных патрыётаў[2].

  1. У той час правінцыі Францыі былі так раз'яднаны, што лічылі сябе асобнымі краінамі.
  2. Патрыётамі называлі прыхільнікаў Рэспублікі.