Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/120

Гэта старонка была вычытаная

Лоран Бас служыў Марату, але быў членам Біскупата.

Дантон устаў і рэзка адсунуў сваё крэсла.

— Чуеце вы? — крычаў ён. — Адна перад намі задача, адна неадкладная справа — выратаваць Рэспубліку. Рэспубліка ў небяспецы. Для мяне зараз важней за ўсё вызваліць Францыю ад ворага. Для гэтага ўсе спосабы добрыя. Усе, усе! Калі мне з усіх бакоў пагражае гібель, я ўжываю ўсе спосабы. Калі я ўсяго баюся, я іду на ўсё. У рэволюцыі не можа быць поўмер, не можа быць лішняй далікатнасці. Будзем наводзіць страх, і мы будзем карысныя. Хіба слон разбірае, куды ён ставіць сваю нагу? Раздушым ворага!

Робесп'ер адказаў мякка:

— Я сам гэтага хачу.

І дадаў:

— Пытанне толькі ў тым, дзе вораг.

— Ён за межамі Францыі, і я прагнаў яго! — усклікнуў Дантон.

— Ён у нашых межах, і я за ім сачу, — адказаў Робесп'ер.

— І я зноў праганю яго, — сказаў Дантон.

— Унутранага ворага не прагоніш.

— Што-ж з ім рабіць?

— Знішчыць.

— Я згоден на гэта, — сказаў Дантон, — але паўтараю, Робесп'ер, што вораг за межамі краіны.

— Паўтараю, Дантон, што ён унутры.

— Робесп'ер, ён на граніцы.

— Дантон, ён у Вандэі.

— Супакойцеся, — пачуўся трэці голас, — вораг усюды, і вы прапалі.

Гэта сказаў Марат. Робесп'ер зірнуў на яго і адказаў спакойна: