Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/121

Гэта старонка была вычытаная

— Не патрэбны агульныя словы, я прывожу вам факты. Я толькі што прачытаў вам дэпешы Прыёра. Я паведаміў вам весткі, дастаўленыя Жэламбрам. Дантон, кажу вам: вайна са знешнім ворагам — глупства; галоўнае — вайна грамадзянская. Знешняя вайна — гэта дробны шрам на локці; вайна грамадзянская — небяспечная язва, якая раз'ядае нутро. З усяго таго, што я прачытаў цяпер, адно ясна: Вандэя, сілы якой да гэтага часу былі разрозненыя, Вандэя, дзе дзейнічалі самастойна паасобныя правадыры, цяпер гатовы аб'яднацца. Ад гэтага часу ў яе будзе галоўнакамандуючы…

— Разбойніцкі атаман, — прамармытаў Дантон.

— Ён высадзіўся на наш бераг 2 чэрвеня ля Пантарсона, — казаў далей, не слухаючы яго, Робесп'ер. — Вы ведаеце, што гэта за чалавек. Вайна з-за кустоў арганізоўваецца ў вялікім маштабе. У той-жа час рыхтуецца англійскі дэсант. Вандэйцы і англічане — Брэтань і Брытанія. Я вам паказваў перахопленае пісьмо Пюізэ, дзе гаворыцца, што «варта дваццаці тысяч чырвоных мундзіраў[1] з'явіцца сярод мяцежнікаў, і падымецца сто тысяч чалавек». Калі сялянскі мяцеж разгарыцца, высадзіцца англійскі дэсант. Вось іх план. Прасачыце па карце.

І ён пачаў паказваць на карце пальцам:

— У англічан вялікі выбар: яны могуць высадзіцца, дзе захочуць. Праз два тыдні збярэцца трохсоттысячная армія разбойнікаў, і ўся Брэтань будзе ў руках французскага караля.

— Гэта значыць, англійскага, — паправіў Дантон.

— Не, французскага.

І Робесп'ер дадаў:

— Французскі кароль горшы. Чужаземнага ворага

  1. Чырвоныя мундзіры насіла англійская армія.