Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/122

Гэта старонка была вычытаная

можна прагнаць у два тыдні; каб вызваліцца ад манархіі, нам патрэбна было восемнаццаць стагоддзяў.

Дантон сеў, паставіў локці на стол і ў задуменні апусціў галаву на рукі.

— Вы бачыце цяпер, у чым небяспека? — сказаў Робесп'ер.

Дантон падняў галаву і грукнуў сваімі вялізнымі кулакамі па карце, нібы молатамі па кавадлу:

— Робесп'ер, хіба Вердэн не адкрываў прусакам дарогу на Парыж?

— Ну, дык што-ж?

— А тое, што мы прагонім англічан, як прагналі прусакоў.

І Дантон зноў ускочыў.

Робесп'ер палажыў сваю халодную руку на яго гарачы кулак.

Потым сказаў:

— Сядайце, Дантон, і лепш зірніце на карту, замест таго, каб біць па ёй кулаком.

Але пераканаць Дантона было не так проста.

— Не, гэта занадта! — крыкнуў ён. — Чакаць катастрофы з захаду, калі яна насоўваецца з усходу… Так, Робесп'ер, Англія пагражае нам з боку акіяна, — згодзен. Але-ж Іспанія падымаецца на нас у Пірэнеях, Італія ў Альпах, Германія на Рэйне. А ў далечыні ўстае яшчэ рускі мядзведзь… Робесп'ер, небяспека з усіх бакоў; яна ахапіла нас цесным колам. За рубяжом кааліцыя, унутры краіны — здрада. Армія вельмі парадзела. Няма ніводнага батальёна, дзе-б налічвалася болей за чатырыста салдат. У храбрым Дэ-Понцкім палку засталося ўсяго пяцьсот чалавек. Памарскі лагер здаўся. У Жывэ застаецца пяцьсот мяшкоў ад усяго запасу мукі. А тымчасам Брауншвейг узмацняецца і наступае, уздымаючы нямецкі сцяг ва ўсіх занятых ім