Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/123

Гэта старонка была вычытаная

французскіх гарадах. Маркграф Брандэнбургскі робіцца гаспадаром Еўропы. Ён забірае нашы правінцыі, ён забярэ і Бельгію, — вось пабачыце! Сапраўды, можна падумаць, што мы стараемся для Берліна. Калі так будзе надалей, калі мы не возьмемся за розум, то нарэшце выйдзе, што французская рэволюцыя прынесла карысць Потсдаму, што адзіным яе вынікам было пашырэнне маленькіх уладанняў Фрыдрыха ІІ і што мы забілі караля Францыі дзеля караля Прусіі.

І Дантон, страшны Дантон, зарагатаў.

Пачуўшы гэты смех, Марат усміхнуўся.

— У кожнага з вас свой канёк, — сказаў ён. — У вас, Дантон, — Прусія, у вас, Робесп'ер, — Вандэя. А цяпер і я скажу сваё слова. Вы абодва не бачыце сапраўднай небяспекі. Гэтая небяспека — шынкі ды кафэ. Кафэ Шуазель — якабінскае, кафэ Патэн — раялісцкае, кафэ Сустрэч нападае на нацыянальную гвардыю, кафэ Порт-Сен-Мартэн абараняе яе. У Ратондзе рвуць на кавалкі асігнацыі, у кафэ Сен-Марсо шалеюць; кафэ Мануры ўздымае пытанне пра муку, у кафэ Фуа скандалы і калатня; ля Перона гудзяць фінансавыя трутні. Вось гэта будзе пасур'ёзней, панове!

Дантон больш не смяяўся. Марат-жа ўсё ўсміхаўся.

— Вы смеяцёся з нас, Марат? — буркнуў Дантон.

У Марата задрыгала нага. Гэтае сударажнае падрыгванне добра было ўсім вядомае. Ён перастаў усміхацца:

— Я пазнаю вас, грамадзянін Дантон, — сказаў ён зласліва. — Я памятаю, як вы пры ўсім Канвенце назвалі мяне «нейкім Маратам». Слухайце-ж. Я вам дарую. Мы перажываем вар'яцкі момант. Ды мяне і нельга абразіць. Успомніце, хто я. Я носам адчуваю здраду ў здрадніку і лічу карысным выкрываць злачынца, перш чым ён паспее зрабіць злачынства. Я маю прывычку казаць напярэдадні тое, што вы скажаце заўтра.