Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/124

Гэта старонка была вычытаная

Я — той чалавек, які прапанаваў Сходу гатовы план крымінальнага законадаўства. Хочаце ведаць, што ўжо зроблена мной? Я патрабаваў пашырэння адукацыі ў секцыях з мэтай падрыхтоўкі іх да рэволюцыі. Я прымусіў зняць пячаткі з трыццаці двух папак, у якіх гнілі здадзеныя ў архіў справы. Я падаў голас за пакаранне смерцю тырана, патрабуючы, каб прыгавар быў прыведзены ў выкананне ў дваццаць чатыры гадзіны. Я агітаваў на карысць раненых салдат. Я патрабаваў, каб сто тысяч сваякоў эмігрантаў былі затрыманы ў якасці заложнікаў за нашых камісараў, якіх выдалі ворагу. Я прапанаваў абвяшчаць здраднікам кожнага народнага прадстаўніка, які выйдзе за заставу. Я прымусіў вынесці рэзалюцыю аб тым, што парыжане заслугоўваюць падзяку з боку бацькаўшчыны. За ўсё гэта дэпартамент Фіністэр патрабуе майго выключэння з ліку дэпутатаў, горад Лудэн выказвае пажаданне, каб я быў выгнаны з Францыі, горад Ам'ен хоча, каб на мяне надзелі наморднік. Кабург хоча, каб мяне арыштавалі, а Лекюент-Пюіраво прапануе Канвенту абвясціць мяне вар'ятам… Цяпер скажыце, грамадзянін Дантон, дзеля чаго вы запрасілі мяне на вашу нараду, калі не для таго, каб выслухаць маю думку? Вось сэнс таго, што я казаў: абодва вы памыляецеся. Небяспека не ў Лондане, як думае Робесп'ер, не ў Берліне, як думае Дантон: небяспека ў Парыжы. Небяспека гэтая ў адсутнасці адзінства, у тым, што кожны, пачынаючы з вас двух, прызнае за сабой права цягнуць у свой бок. Небяспека ў ідэйнай блытаніне, у анархіі волі…

— І вы яшчэ гаворыце пра анархію! — перапыніў Дантон. — Ды хто-ж, калі не вы, стварае яе?

— Робесп'ер, Дантон, — казаў Марат далей, — небяспека, паўтараю вам, у незлічоных шынках, у іграль-