Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/125

Гэта старонка была вычытаная

ных дамах, у клубах… Клуб Чорных, клуб Федэралістаў, Дамскі клуб, клуб Бесстаронніх, не лічачы яшчэ вашага клуба Якабінцаў, Робесп'ер, і вашага клуба Кардыльераў, Дантон… Небяспека ў голадзе, праз які насільшчык Блэн павесіў на ліхтарным слупе булачніка. Небяспека і ў нашых судах, якія павесілі насільшчыка Блэна за тое, што ён павесіў булачніка Дэні. Небяспека ў папяровых грошах, што змяншаюцца ў цане кожны дзень. На вуліцы Тампль нехта згубіў стофранкавую асігнацыю і нейкі прахожы, просты чалавек, сказаў: «Не варта падымаць». Спекулянты і валютчыкі — вось дзе небяспека. А-а! вы не звяртаеце ўвагі на Парыж. Вы шукаеце небяспекі далёка, калі яна так блізка. Дык ведайце-ж: небяспека ў вас над галавой, небяспека ў вас пад нагамі. Навакол змовы ды змовы. Прахожыя на вуліцах чытаюць адзін аднаму газеты і таямніча ківаюць галовамі. Шэсць тысяч чалавек, якія не маюць пасведчанняў аб надзейнасці, эмігранты, што вярнуліся назад, шпіёны і франты хаваюцца па сутарэннях, чардаках, драўляных галерэях Палэ-Раяля. Ля булачных — хвасты. На ўсіх парогах стаяць бедныя жанчыны і з тугой пытаюцца: «Калі-ж, нарэшце, будзе мір?» Так, небяспека ўсюды, і ў асаблівасці ў цэнтры, у Парыжы. Былыя дваране канспіруюць, патрыёты ходзяць босыя. Арыстакраты, арыштаваныя дзевятага сакавіка, ужо выпушчаны. Тысячныя стаеннікі, якія па-сапраўднаму павінны былі-б вазіць гарматы на граніцах, пырскаюць на нас гразёю па вуліцах. Чатырохфунтовая скіба хлеба каштуе тры франкі дванаццаць су. У тэатрах ставяць непрыстойныя п'есы, і хутка Робесп'ер адправіць на гільятыну Дантона.

— Яшчэ чаго захацеў, — буркнуў Дантон.

Робесп'ер уважліва разглядаў карту.