Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/126

Гэта старонка была вычытаная

— Вось што я прапаную, — казаў Марат. — Зробім апошняе намаганне. Пастараемся дагаварыцца. Становішча такое, што варта паспрабаваць. У тым, што гаворыце вы абодва, ёсць доля праўды; але ўся праўда, сапраўдная праўда, у тым, што кажу я. Чаго нам нехапае? Адзінства. У ім наш паратунак. Але трэба спяшацца. Парыж павінен узяць рэволюцыю ў свае рукі. Калі мы страцім хоць гадзіну, то назаўтра вандэйцы могуць апынуцца ў Орлеане, а прусакі ў Парыжы. Вы бачыце, Дантон і Робесп'ер, я вам раблю гэтую ўступку. Які-ж з усяго гэтага вывад? Вывад толькі адзін — дыктатура. Значыцца, установім дыктатуру. Мы трое прадстаўляем сабой рэволюцыю. Мы — тры галавы. З гэтых трох галоў адна гаворыць — гэта вы, Робесп'ер, другая рыкае — гэта вы, Дантон…

— А трэцяя кусаецца — гэта вы, Марат, — уставіў Дантон.

— Усе тры кусаюцца, — паправіў Робесп'ер.

Пасля некаторага маўчання, гутарка пачалася зноў.

У спакойным голасе Марата адчувалася дрыжанне.

— Робесп'ер! Дантон! Вы, значыцца, не хочаце мяне слухаць? А я зноў-жа скажу: вы прапалі. Ваша палітыка завяла вас у тупік. Далей няма куды ісці. У вас няма выхаду. Тое, што вы робіце, зачыніць перад вамі ўсе дзверы, апрача дзвярэй магілы.

Дантон паціснуў плячыма.

— У гэтым наша веліч, — сказаў ён.

— Вы абодва яшчэ маладыя, — прадаўжаў Марат. — Колькі табе гадоў, Дантон? Трыццаць чатыры? А табе, Робесп'ер? Трыццаць тры? Ну, а я, я жыву з пачатку свету; я — адвечная пакута чалавецтва: мне шэсць тысяч гадоў.

Гутарка спынілася. Усе паглыбіліся ў свае думкі. Робесп'ер трохі пабляднеў. Дантон трохі пачырванеў.