Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/127

Гэта старонка была вычытаная

Абодва адчувалі дрыжыкі. Аганёк у вачах Марата згас. Спакой, уладарны спакой зноў разліўся па яго твары.

У гэты момант з глыбіні пакоя пачуўся голас:

— Марат, ты не праў.

Усе азірнуліся. У часе спрэчкі яны не заўважылі, як праз заднія дзверы нехта ўвайшоў.

— Ах, гэта ты, грамадзянін Сімурдэн! — сказаў Марат. — Здароў!

Гэта быў сапраўды Сімурдэн.

— Я кажу, што ты не праў, Марат, — паўтарыў ён.

Марат пазелянеў: такая была яго манера бляднець.

Сімурдэн казаў далей:

— Ты карысны, а Робесп'ер і Дантон неабходныя. Яднанне, яднанне, грамадзяне! Народ патрабуе яднання.

Умяшанне Сімурдэна, нечаканае з'яўленне пабочнай асобы сярод сямейнай сваркі падзейнічала, як цэбар халоднай вады; яно прымусіла буру апусціцца калі не на дно, дык прынамсі на паверхню.

Сімурдэн падышоў да стала.

Дантон і Робесп'ер яго ведалі. На адведзеных для публікі трыбунах Канвента яны не раз бачылі гэтага магутнага невядомага чалавека, перад якім здымаў шапкі народ. Але фармаліст Робесп'ер усё-такі спытаў яго:

— Як вы сюды трапілі, грамадзянін?

— Ён з Біскупата, — адказаў Марат.

— О, грамадзянін Сімурдэн тут не лішні, — сказаў Дантон і працягнуў руку Сімурдэну. Затым дадаў: — Панове, растлумачце грамадзяніну Сімурдэну становішча спраў. Ён з'явіўся вельмі дарэчы. Я тут прад-