Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/129

Гэта старонка была вычытаная

— Вандэя знайшла правадыра. Яна робіцца страшнай.

— Хто-ж гэты правадыр, грамадзянін Робесп'ер?

— Нехта Лантэнак, былы маркіз, які называе сябе прынцам брэтонскім.

Сімурдэн ажывіўся.

— Я яго ведаю, — сказаў ён. — Я быў кюрэ ў яго парафіі.

І, падумаўшы крыху, дадаў:

— Так, ён павінен быць страшны.

— Ён сапраўды жудасны, — сказаў Робесп'ер. — Ён падпальвае вёскі, дабівае раненых, забівае палонных, расстрэльвае жанчын.

— Жанчын?

— Так. У ліку іншых па яго загаду была расстраляна маці трох дзяцей. Што сталася з дзецьмі — невядома… Да таго-ж ён сапраўдны палкаводзец, ён ведае вайну.

— Гэта правільна, — сказаў Сімурдэн. — Яшчэ ў Гановерскую вайну салдаты казалі пра яго: «Наверсе Рышэлье, унізе Лантэнак». Сапраўдным галоўнакамандуючым быў Лантэнак.

— Дык вось, грамадзянін Сімурдэн, гэты чалавек у Вандэі.

— Ці даўно?

— Тры тыдні.

— Трэба абвясціць яго па-за законам.

— Зроблена.

— Трэба ацаніць яго галаву.

— Зроблена.

— Абяцаць вялікую грашовую ўзнагароду таму, хто зловіць яго.

— Зроблена.

— Не асігнацыямі, а золатам.