Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

Аднак сержант настойваў:

— Ну, што-ж ты, васпані?.. Кажы. Ёсць у цябе хата?

— Была.

— Дзе?

— У Азэ.

— Чаму-ж ты не жывеш у сваёй хаце?

— Таму, што яе спалілі.

— Хто спаліў?

— Не ведаю. Бойка была.

— Адкуль ты ідзеш?

— Адтуль.

— Куды?

— Не ведаю.

— Звернемся да справы. Хто ты?

— Не ведаю.

— Не ведаеш, хто ты?

— Мы бежанцы.

— Да якой ты належыш партыі?

— Не ведаю.

— Ты з сінімі?[1] З белымі? З кім ты?

— Я са сваімі дзецьмі.

Гутарка спынілася. Маркітантка сказала:

— А ў мяне вось не было дзяцей. Не было калі важдацца з гэтым.

Сержант пачаў зноў:

— Але хто твае бацькі? Растлумач нам, калі ласка. Возьмем хоць мяне. Мяне завуць Радуб. Я — сержант з вуліцы Шэрш-Мідзі. Там жылі і бацька мой і маці. Я ведаю, хто былі мае бацькі. Цяпер ты раскажы нам пра тваіх. Скажы, хто яны былі?

— Іх звалі Флешар.

— Але ў кожнага чалавека ёсць яшчэ свой стан.

  1. Войскі французскай Рэспублікі насілі сінія мундзіры.