Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/130

Гэта старонка была вычытаная

— Зроблена.

— Трэба адправіць яго на гільятыну.

— Будзе зроблена.

— Хто-ж гэта зробіць?

— Вы.

— Я?!

— Так. Камітэт грамадскага ратавання адправіць вас дэлегатам у Вандэю з самымі шырокімі паўнамоцтвамі.

— Я згодзен, — сказаў Сімурдэн.

Робесп'ер адразу выбіраў людзей, — гэта характэрная ўласцівасць дзяржаўнага чалавека. З кіпы папер ён выцягнуў бланк з надрукаваным загалоўкам: «Французская рэспубліка, адзіная і недзялімая. Камітэт грамадскага ратавання».

Сімурдэн тымчасам казаў:

— Так, я прымаю гэтае назначэнне. Навальніца на навальніцу. Лантэнак люты — я таксама буду люты. Я абвяшчу гэтаму чалавеку вайну не на жыццё, а на смерць. Я вызвалю ад яго Рэспубліку. Пры кім я буду дэлегатам?

Робесп'ер адказаў:

— Пры камандуючым экспедыцыйным атрадам, высланым супроць Лантэнака. Але толькі павінен вас папярэдзіць: гэта арыстакрат.

Дантон падхапіў:

— Ну, што-ж тут такога? Зноў умоўнасць. Нават смешна! Арыстакрат? Што за бяда? Пра арыстакратаў можна сказаць тое самае, што і пра ксяндзоў. Калі ён за нас, то ён добры. Дваранства — забабоны, і не варта перавялічваць яго значэння ні ў той ні ў другі бок.

— Грамадзянін Дантон, грамадзянін Робесп'ер, — сказаў сур'ёзна Сімурдэн, — вы, магчыма, і маеце рацыю,