Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/131

Гэта старонка была вычытаная

давяраючыся арыстакратам, але народ ім не верыць, і ён таксама мае рацыю. Калі ксяндзу даручаюць сачыць за дваранінам, на ім ляжыць падвойная адказнасць, і ў такіх выпадках ксёндз павінен быць цвёрды.

— Безумоўна, — сказаў Робесп'ер.

— І бязлітасны, — дадаў Сімурдэн.

Робесп'ер сказаў:

— Зусім правільна, грамадзянін Сімурдэн. Вы будзеце мець справу з чалавекам, які ў два разы маладзей за вас, і вы лёгка падначаліце яго свайму ўплыву. Трэба яго накіроўваць і ў той-жа час лічыцца з ім. Як відаць, ён здольны афіцэр; аб гэтым дружна гавораць усе данясенні. Яго атрад уваходзіць у склад корпуса, які вылучаны з рэйнскай арміі для паходу на Ван- дэю. Ён нядаўна прыбыў з граніцы, дзе паспеў ужо вызначыцца сваім розумам і адвагай. Ён надзвычай добра камандуе сваёй экспедыцыйнай калонай. Вось ужо два тыдні, як ён не дае спакою старому Лантэнаку: націскае на яго і гоніць перад сабой. Нарэшцё прыцісне яго да берага і скіне ў мора. У Лантэнака багатая практыка і хітрасць старога ваякі, а ў таго — адвага маладога камандзіра. Пры ўсёй яго маладосці ў яго ўжо ёсць зайздроснікі і ворагі.

— Як відаць, гэты малады чалавек сапраўды маё вялікія здольнасці, — зазначыў Сімурдэн.

— Так, але ў яго ёсць адзін недахоп.

Гэтая заўвага належала Марату.

— Які? — спытаў Сімурдэн.

— Добрае сэрца, — адказаў Марат. — Ён цвёрды ў бойцы і мяккі пасля бою. Ён занадта спагадлівы. Ён часта даруе і шкадуе. Ён спачувае манашкам, выратоўвае жонак і дачок арыстакратаў, адпускае на волю палонных і папоў.

— Гэта вялікая памылка, — прашаптаў Сімурдэн.