Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/132

Гэта старонка была вычытаная

— Гэта злачынства, — паправіў Марат.

— Часам, — заўважыў Дантон.

— Часта, — сказаў Робесп'ер.

— Бадай заўсёды, — зноў уставіў Марат.

— Калі маеш справу з ворагамі бацькаўшчыны, то заўсёды, — сказаў Сімурдэн.

Марат павярнуўся да яго.

— Скажы, грамадзянін Сімурдэн, што зрабіў-бы ты з рэспубліканскім правадыром, які адпусціў-бы на волю правадыра раялістаў?

— Я загадаў-бы яго расстраляць.

— Або адправіць на гільятыну, — дадаў Марат.

— Тое або другое — на выбар, — сказаў Сімурдэн.

Дантон засмяяўся.

— Па-мойму і тое і другое аднолькава добра.

— Будзь упэўнены, — прамармытаў Марат, — ты атрымаеш тое або другое.

І погляд яго, адарваўшыся ад твара Дантона, павярнуўся да Сімурдэна.

— Значыцца, грамадзянін Сімурдэн, каб рэспубліканскі правадыр зрабіў хібу, ты загадаў-бы адсячы яму галаву?

— У дваццаць чатыры гадзіны.

— У такім разе далучаюся да думкі Робесп'ера, — сказаў Марат. — Камітэт грамадскага ратавання павінен паслаць грамадзяніна Сімурдэна камісарам з надзвычайнымі паўнамоцтвамі для нагляду за камандзірам экспедыцыйнага атрада берагавой арміі. Дарэчы, як завуць гэтага камандзіра?

Робесп'ер адказаў:

— Ён былы дваранін, арыстакрат.

Ён пачаў шукаць у паперах.

— Няхай поп сочыць за дваранінам, — сказаў Дантон. — Я не даверыў-бы паасобку ні двараніну, ні папу,