Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/133

Гэта старонка была вычытаная

але калі яны разам, я іх не баюся. Яны шпіёняць адзін за адным, і ўсё ідзе гладка.

Гнеўная складка, ніколі не сыходзіўшая з ілба Сімурдэна, паглыбілася, але, лічачы, мабыць, гэтую заўвагу па сутнасці справядлівай, ён нават не павярнуўся к Дантону.

— За першы памылковы крок, які зробіць рэспубліканскі ваенны начальнік, даручаны майму нагляду, — кара смерцю, — прагучэў суровы голас Сімурдэна.

Робесп'ер, гледзячы ў паперы, сказаў:

— Вось, я знайшоў яго імя… Грамадзянін Сімурдэн, малады камандзір, чый лёс даручаецца вам, былы віконт. Прозвішча яго Говэн.

Сімурдэн збялеў.

— Говэн? — вырвалася ў яго.

Ад Марата не захавалася яго раптоўная бледнасць.

— Віконт Говэн! — замяшана паўтарыў Сімурдэн.

— Так, — сказаў Робесп'ер.

— Ну, дык што з таго? — адгукнуўся Марат, не зводзячы з яго вачэй.

Зрабілася ціха. Потым Марат сказаў:

— Грамадзянін Сімурдэн, ці прымаеце вы на ўмовах, аб якіх вы самі казалі, прызначэнне вас камісарам пры камандуючым Говене? Гэта вырашана?

— Вырашана, — адказаў Сімурдэн, усё болей і болёй бялеючы.

Робесп'ер узяў пяро, вывеў сваім правільным почаркам чатыры радкі на бланку з загалоўкам «Камітэт грамадскага ратавання», распісаўся і перадаў паперу і пяро Дантону. Той таксама падпісаў паперу, а пасля яго распісаўся і Марат, увесь час пазіраючы на збялелага Сімурдэна.