Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/134

Гэта старонка была вычытаная

Робесп'ер зноў узяў паперу, паставіў дату і перадаў Сімурдэну.

Сімурдэн прачытаў:

„Год ІІ Рэспублікі.

Гэтым сведчыцца, што грамадзянін Сімурдэн прызначаецца ад Камітэта грамадскага ратавання камісарам пры начальніку экспедыцыйнага атрада берагавой арміі — грамадзяніну Говэну з самымі шырокімі паўнамоцтвамі.

Робесп'ер — Дантон — Марат“.

(28 чэрвеня 1793 год.)

Рэволюцыйны, так званы грамадзянскі каляндар у той час яшчэ не быў уведзены. Ён быў прыняты Канвентам толькі 5 кастрычніка 1793 года.

Марат не спускаў вачэй з Сімурдэна, пакуль той чытаў, затым ціха прамармытаў, нібы гаворачы сам з сабой:

— Яшчэ не ўсё зроблена. Усё гэта трэба будзе пацвердзіць дэкрэтам Канвента або асобнай пастановай Камітэта грамадскага ратавання.

Робесп'ер казаў далей:

— Нельга траціць ні мінуты. Заўтра вы атрымаеце афіцыйную паперу з подпісам усіх членаў Камітэта грамадскага ратавання. А гэтая паперка будзе служыць пацверджаннем вашага назначэння для дэпутатаў, якія знаходзяцца пры арміі. Ваша асоба нам вядома. Мы вам даем неабмежаваныя паўнамоцтвы. Вы можаце зрабіць Говэна генералам або адправіць яго на эшафот. Загад аб вашым назначэнні вы атрымаеце заўтра ў тры гадзіны. Калі вы выедзеце?

— Заўтра ў чатыры, — адказаў Сімурдэн.