Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/135

Гэта старонка была вычытаная

КНІГА ТРЭЦЯЯ


КАНВЕНТ

КАНВЕНТ

Мы падыходзім да самай верхавіны.

Перад намі Канвент.

Погляд мімаволі прыкоўваецца да гэтай недасяжнай вышыні.

Ніколі яшчэ нічога такога высокага не з'яўлялася на гарызонце чалавечага жыцця.

Існуюць толькі дзве такія вышыні — Гімалаі і Канвент.

Канвент — гэта, магчыма, кульмінацыйны пункт гісторыі.

Пры жыцці Канвента — бо збор людзей таксама жыве — ніхто не задумваўся над тым, што такое Канвент. Іменна веліч яго, яго велізарнасць не заўважаліся ў той час. Усе былі надта напалоханы, каб дзівіцца. Усё грандыёзнае выклікае свяшчэнны жах.

Цяпер мы бачым яго ў перспектыве, і на глыбокім небасхіле, у трагічнай яснай далечы, ён нам здаецца ў выглядзе велізарнага профіля французскай рэволюцыі.

Канвент быў першай праявай волі народу. З Канвента пачалася новая вялікая старонка гісторыі, на якой пачала свае запісы будучыня.

Кожнай ідэі патрэбна бачымая абалонка. Калі нарадзіўся Канвент, першай неадкладнай задачай было — дзе змясціць яго.