Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/136

Гэта старонка была вычытаная

Спачатку занялі Манеж, потым Цюільрыйскі палац. Паставілі раму, дэкарацыі, намалёваныя цёмнымі і светлымі фарбамі, паставілі сіметрычнымі радамі лавы, чатырохкутную трыбуну; зрабілі некалькі паралельных радоў драўляных калон на цокалях, падобных на плахі; панараблялі катушкоў, дзе ціснулася публіка (гэта і былі так званыя грамадскія трыбуны); павесілі рымскі тэатральны тэнт, грэцкія заслоны, і ў гэтых прамых вуглах, між гэтымі прамымі лініямі змясцілі Канвент: у геаметрычным чарцяжы ўціснулі буру. Фрыгійская шапка на трыбуне была афарбавана ў шэры колер. Раялісты пачалі былі смяяцца з гэтай шэра-чырвонай шапкі, з гэтай бутафорскай залы, з усёй гэтай картоннай пабудовы. Якім усё гэта здавалася нядоўгавечным! Калоны з клёпак ад бочак, зводы з аполак, барэльефы з мастыкі, карнізы яловыя, статуі з афарбаванага пад мрамар гіпса, сцены з палатна, а між тым у гэтым часовым памяшканні Францыя стварыла вечнае.

Калі Канвент адкрыў свае паседжанні ў зале Манежа, сцены яго былі пакрыты афішамі, якімі быў поўны Парыж у дні звароту караля з Варэна. Адна афіша абвяшчала: «Кароль вяртаецца. Кіем таго, хто сустрэне яго воплескамі, шыбеніца таму, хто яго абразіць». Другая: «Увага! Шапак не здымаць. Зараз ён стане перад суддзямі». Трэцяя: «Кароль зрабіў народ сваёй мішэнню. Ён доўга страляў. Цяпер чарга страляць народу». Чацвертая: «Закон! Закон!» У гэтых сценах Канвент судзіў Людовіка ХVI.

10 мая 1793 года Канвент перанёс свае паседжанні ў Цюільрыйскі палац, названы цяпер Народным. Зал паседжанняў займаў увесь прамежак між павільёнам Адзінства (былым павільёнам Гадзінніка) і павільёнам Волі (былым Марсана). Павільён Флоры назвалі па-