Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/137

Гэта старонка была вычытаная

вільёнам Роўнасці. У зал паседжанняў падымаліся па вялікай лесніцы Жана Бюлана. Увесь другі паверх палаца быў заняты Канвентам, а пад ім, у першым паверсе, зрабілі кардэгардыю ў даўгім зале, дзе ўсюды былі панастаўлены стрэльбы ў козлах і паходныя ложкі салдат усіх родаў зброі, што ахоўвалі Канвент. Сход меў сваю пачэсную варту, так званых «грэнадзёраў Канвента».

Трохкаляровая істужка аддзяляла палац, дзе адбываліся паседжанні Канвента, ад саду, куды вольна мог хадзіць народ. Скончым апісанне зала паседжанняў. У гэтым страшным месцы кожная дробязь цікавая.

Пры ўваходзе ў зал перш за ўсё кідалася ў вочы велізарная статуя Свабоды, якая стаяла між двух вялікіх акон.

Сорак два метры даўжыні, дзесяць шырыні і адзінаццаць вышыні — такія былі памеры памяшкання, якое раней было каралеўскім тэатрам, а цяпер зрабілася тэатрам рэволюцыі. Дасканалы і прыгожы зал, пабудаваны Вігарані для царадворцаў, знікаў пад грубымі рыштаваннямі, якім у 93 годзе давялося вытрымліваць цяжар народу. Адзіным пунктам апоры для насцілу, на якім былі зрэблены грамадскія трыбуны, быў слуп з суцэльнага кавалка дрэва ў дзесяць метраў у абхваце. Гадамі вытрымліваў ён імклівы напор рэволюцыі. Ён вытрымаў крыкі захаплення і энтузіязма, абразлівую лаянку, тупат і гоман, усю сумятню, усю буру народнага гневу, бунты — і не пагнуўся. Пасля Канвента ён бачыў паседжанне Совета старэйшын. 18 брумера[1] яго ўбралі.

  1. 18 брумера (9 лістапада 1799 года) генерал Банапарт, будучы імператар Напалеон І, захапіў уладу ў свае рукі і ўстанавіў уладу трох консулаў.