Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/139

Гэта старонка была вычытаная

Перс'е замяніў драўляны слуп мрамарнымі калонамі, якія стаялі ўжо не так доўга.

У архітэктароў часам бываюць дзіўныя фантазіі. Ідэалам будаўніка, што пабудаваў зал, у якім пачаў збірацца Канвент з 10 мая 1793 года, была, мабыць, гіганцкая шуфляда камода — такі гэта быў даўгі, плоскі і высокі зал. Да аднаго з даўгіх бакоў гэтага прамавугольніка далучаўся шырокі поўкруг. Тут размяшчаліся амфітэатрам лавы дэпутатаў, але без сталоў і без пюпітраў; супроць лавак стаяла трыбуна прамоўцаў; за ёю — крэсла старшыні.

У амфітэатры было дзевятнаццаць радоў даўгіх поўкруглых лавак. Куты па абодва бакі амфітэатра былі запоўнены кароткімі лаўкамі.

Унізе, у падкове, ля падножжа трыбуны, у час паседжанняў стаялі прыставы.

Па адным баку трыбуны, у вялікай раме з чорнага дрэва, вісеў на сцяне плакат у дзевяць футаў вышыні, падзелены чымсьці накшталт скіпетра на два слупкі, на якіх была напісана «Дэкларацыя правоў чалавека». Па другі бок заставалася пустое месца, якое пазней запоўнілі другім плакатам у такой-жа чорнай раме, таксама падзелены на два слупкі, толькі не скіпетрам, а мячом; на гэтым плакаце была Канстытуцыя ІІ года.

Над трыбунай, гэта значыць над галавой прамоўцы, высоўваючыся з глыбокай падвойнай ложы, поўнай народу, на даўгіх амаль гарызантальных шастах развяваліся тры вялізныя трохкаляровыя сцягі, якія абапіраліся на нешта накшталт алтара, на якім было напісана: «Закон».

Чорная рама «Дэкларацыя правоў чалавека» верхнім краем даходзіла да гэтага выступа, закрываючы малюнкі на сцяне і парушаючы сіметрыю.