Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/14

Гэта старонка была вычытаная

Якога стану былі твае старыя? Што яны рабілі, твае Флешары? Чым займаліся?

— Аралі зямлю. Бацька не мог працаваць. Ён усё хварэў пасля таго, як сен'ёр, наш сен'ёр, загадаў пабіць яго палкамі. І гэта была вялікая ласка з боку сен'ёра, бо бацька мой украў труса, а за гэта паводле закона належыць кара смерцю. Але сен'ёр злітаваўся над бацькам. Ён сказаў: «Дайце яму толькі сто ўдараў палкамі». Вось з таго часу бацька і астаўся калекам.

— Далей!

— Дзед мой — гугенот[1]. Па дамаганню пана кюрэ[2] яго саслалі на галеры. Я тады была зусім маленькая.

— Далей!

— Бацька майто мужа прадаваў кантрабандную соль. Кароль загадаў яго павесіць.

— А што робіць твой муж?

— Гэтымі днямі ён яшчэ ваяваў.

— За каго?

— За караля.

— Яшчэ за каго?

— Ну, вядома, за свайго пана.

— А яшчэ?

— Яшчэ за свайго кюрэ.

— Каб чорт пабраў гэтае быдла! — закрычаў раптам адзін з салдат.

Жанчына падскочыла ад спалоху.

— Бачыце, мадам, мы — парыжане, — мякка растлумачыла маркітантка.

— Божа мой літасны! — прастагнала жанчына, складаючы рукі, як на малітву.

  1. Гугеноты — французскія пратэстанты; вялі рэлігійную барацьбу з каталіцкай царквой і каталіцкімі каралямі Францыі ў ХХІ стагоддзі.
  2. Кюрэ — каталіцкі поп.