Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/140

Гэта старонка была вычытаная

З карніза бакавой галерэі тоўстымі прамымі складкамі спускалася зялёная драпіроўка з намалёванымі на ёй зялёнымі-ж, але больш цёмнымі вянкамі і закрывала ўвесь ніз сцяны той часткі зала, дзе адбывалася паседжанне. Над гэтай драпіроўкай халодна бялелася сцяна. Вакол усяго зала ішлі ў два ярусы выдзяўбаныя на сцяне глыбокія нішы — грамадскія трыбуны, без ніякіх архітэктурных аздоб. У ніжнім ярусе яны былі чатырохкутныя, у верхнім — круглыя. На кожным з даўгіх бакоў зала змяшчалася па дзесяць трыбун, а на двух кароткіх — па дзве вялізныя ложы; разам, значыцца, дваццаць чатыры трыбуны, у якіх ціскаўся народ.

Глядачы ніжняга яруса, не змяшчаючыся на трыбунах, узбіраліся на выступы і ляпіліся на карнізах. Удоўж верхняга яруса быў праведзены тоўсты жалезны брус, трывала замацаваны на такой вышыні, каб тыя, хто сядзіць наверсе, маглі на яго абаперціся і не зваліцца, калі ззаду надта націскаў натоўп. Тым не менш, аднойчы нехта з публікі зваліўся ўніз і, падаючы, крыху зачапіў Мас'е, біскупа Бовэ. Гэта зменшыла ўдар, чалавек не пабіўся і, падняўшыся на ногі, сказаў: «Выходзіць, што і поп можа на што-небудзь спатрэбіцца!»

Зал Канвента ўмяшчаў дзве тысячы чалавек, але ў дні народных хваляванняў у яго набівалася да трох тысяч.

Канвент меў два паседжанні ў суткі — раніцою і ўвечары.

Спінка крэсла старшыні была круглая, з пазалочанымі цвікамі. Яго стол падтрымліваўся чатырма крылатымі аднаногімі страшыдламі.

На стале старшыні стаяў вялізны звон, вялікая медная чарнільніца і пераплецены ў пергамент том пратаколаў паседжанняў.