Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/141

Гэта старонка была вычытаная

Не раз на гэты стол капала кроў з адсечаных галоў, якія прыносілі сюды на канцах пік.

На трыбуну падымаліся па сходцах з дзесяці ступенек. Ступені былі высокія, вельмі стромкія і цяжкія для пад'ёму. Аднаго разу Жансонэ, узыходзячы на трыбуну, спатыкнуўся. «Па гэтай лесніцы толькі на эшафот падымацца», — сказаў ён. «Ну, што-ж, практыкуйся!» — крыкнуў Кар'е.

У тых месцах, дзе сцяна здавалася надта голай, па кутах архітэктар паставіў для ўпрыгожання пукі ліктарскіх прутоў з высунутай з іх сякерай.

Направа і налева ад трыбуны стаялі на цокалях кандэлябры ў дванаццаць футаў вышынёй, з чатырма парамі лямп на канцах. Каля кожнай ложы для публікі было па такому-ж кандэлябру. Цокалі былі ўпрыгожаны барэльефамі ў выглядзе кругоў, якія народ называў «маністамі гільятыны».

Заднія лавы дэпутатаў даходзілі амаль да ніжняга яруса грамадскіх трыбун, так што народ і яго прадстаўнікі маглі гутарыць паміж сабою.

З усіх трыбун былі выхады ў цэлы лабірынт калідораў, дзе часам стаяў надзвычайны шум.

Канвент напаўняў сабой не толькі ўвесь палац, але заліваў сваімі хвалямі нават суседнія дамы — асабнякі Лонгвіля і Куан'і. У асабняк Куан'і пасля 10 жніўня была перанесена каралеўская мэбля. Трэба было два месяцы, каб ачысціць ад яе Цюільрыйскі палац.

Вакол зала паседжанняў размясцілі камісіі.

У павільёне Роўнасці змяшчалася законадаўчая камісія, земляробчая і гандлёвая; у павільёне Волі — марская, каланіяльная, фінансавая, асігнацыённая і Камітэт грамадскага ратавання; у павільёне Адзінства — вайсковая.