Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/143

Гэта старонка была вычытаная

сюль глядзелі жорсткія прамыя вуглы, халодныя і вострыя, як сталь.

Але той, хто бачыў Сход, забываўся на зал. Хто глядзіць драму, той не думае пра будынак тэатра. Нічога больш бясформнага і больш велічнага нельга сабе ўявіць. Там капашыліся, штурхаліся, сварыліся, пагражалі адзін аднаму, змагаліся і жылі ўсе тыя змагары, якія цяпер зрабіліся геніямі.

Убачыць Канвент у кожны момант яго ўлады азначала зноў убачыць суд над апошнім каралём. Да ўсіх актаў Канвента прымешвалася легенда 21 студзеня.

Сярод публікі паказвалі адзін аднаму той куток зала, дзе сядзелі побач сем прадстаўнікоў Верхняй Гароны; яны павінны былі першымі выказаць свой прыгавор над Людовікам ХVI, і ўсе, адзін за адным, паўтарылі ў адно слова: «Смерць!»

Глядачы шукалі вачыма таго, цяпер забытага гісторыяй, дэпутата, які пасля трыццацісямігадзіннага паседжання знясілеў і заснуў на лаве, а калі да яго дайшла чарга падаваць голас і прыстаў разбудзіў яго, ён расплюшчыў вочы, сказаў: «Смерць!» і зноў заснуў.

У той момант, калі Людовіка ХVI асудзілі на смерць, Робесп'еру заставалася жыць восемнаццаць месяцаў, Дантону — пятнаццаць, Марату — пяць месяцаў і тры тыдні. Кароткае і страшнае дыханне чалавечых вуснаў.

У народа было сваё адчыненае акно ў Канвент — грамадскія трыбуны, а калі гэтага акна нехапала, расчыняў дзверы, і вуліца ўрывалася на Сход. Гэтыя навалы народу ў вышэйшую дзяржаўную ўстанову з'яўляюцца адной з самых выдатных карцін у гісторыі народаў. Звычайна яны мелі прыязны характар.

Паседжанні Канвента безупынна перарываліся такімі наваламі — дэпутацыямі з рознымі петыцыямі, з падарункамі, з выяўленнямі ўсялякіх пачуццяў. То з'яў-