Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/144

Гэта старонка была вычытаная

лялася дэпутацыя ад жанчын прадмесця Сент-Антуан, то дэпутацыя англічан, прапануючая дваццаць тысяч пар чаравікаў для басаногіх салдат. Дэлегаты ад секцыі прыходзілі нагружаныя царкоўнымі прыладамі — чашамі, блюдамі, дыскасамі, каўчэжцамі; натоўпы галадранцаў цэлымі мяхамі валаклі золата і срэбра і аддавалі бацькаўшчыне, не просячы за гэта нічога, апрача дазволу станцаваць перад Канвентам карман'ёлу.

Артысты прыходзілі спяваць куплеты ў гонар дэпутатаў Гары. Нейкая жанчына надзела на галаву старшыні чырвоную шапку, а той за гэта пацалаваў яе. Грамадзянкі секцыі Майль закідвалі кветкамі «законадаўцаў». Жанчыны секцыі Французскай гвардыі паднеслі Канвенту ружы; жанчыны секцыі Елісейскіх палёў — дубовы вянок; жанчыны секцыі Тампль кляліся «кахаць толькі сапраўдных рэспубліканцаў». Падкідышы, залічаныя дзецьмі рэспублікі, маршыравалі перад Канвентам у нацыянальных мундзірах. Маладыя дзяўчаты з секцыі «Дзевяноста другога года» з'явіліся ў даўгіх белых плаццях, і на другі дзень У «Маніцёры» можна было прачытаць: «Старшыня Схода атрымаў букет з нявінных ручак юнай красуні». Прамоўцы, узыходзячы на трыбуну, кланяліся натоўпу, часам лесцілі перад ім: «Ты не памыльны, ты беззаганны, ты вялікі», — казалі яны, звяртаючыся да народу. А ў народа ёсць дзіцячая рыса: ён любіць салодкае. Здаралася, што мяцеж віхрам налятаў на Сход, урываўся раз'юшаны і выходзіў супакоены.

Не заўсёды справа абыходзілася так мірна; бывала, што перад Цюільрыйскім палацам ставіліся жароўні для раскальвання ядраў.

Паглыбляючы і ачышчаючы рэволюцыю, Канвент адначасова рухаў цывілізацыю. Ён быў не толькі полымем, але і кузняй. У гэтым катле, дзе бурліў кіпучы