Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/145

Гэта старонка была вычытаная

тэрор, адкладваўся прагрэс. Канвент абвясціў беднасць свяшчэннай. Сляпых і глуханямых ён прыняў на ўтрыманне дзяржавы. Ён узаконіў мацярынства мацеры-дзяўчыны. Малалетніх сірот усынавіла бацькаўшчына. Апраўданыя судом, невінаватыя падсудныя атрымоўвалі кампенсацыю ад казны. Канвент закляйміў гандаль неграмі, знішчыў нявольніцтва. Ён увёў бясплатнае навучанне і прывёў у сістэму нацыянальную асвету, заснаваўшы Нармальную школу ў Парыжы, цэнтральныя школы ў правінцыяльных гарадах і пачатковыя ў сельскіх абшчынах. Ён заснаваў кансерваторыі і музеі. Ён аб'яднаў дэкрэтам крымінальны і грамадзянскі кодэксы, а таксама меры і вагу, дзеля чаго ўвёў дзесятычную сістэму лічэння. Ён прывёў у парадак французскія фінансы. Ён даў насельніцтву тэлеграф, бясплатныя дамы прытулку, палепшаныя больніцы. Ён узбагаціў навуку; вучнёўскай моладзі даў політэхнічныя школы; чалавечаму розуму — Акадэмію.

Астаючыся нацыянальным, ён быў сусветным. З адзінаццаці тысяч двухсот дзесяці выданых ім дэкрэтаў трэць праследавала палітычную мэту, а дзве трэці — інтарэсы гуманнасці.

Усё гэта зрабіў Канвент, змагаючыся з такой гідрай, як Вандэя, і маючы на плячах такую зграю тыграў, як кааліцыя каралёў. Гіганцкае поле дзеянняў!

З гэтай трыбуны кідаліся тыя галавакружальныя словы, якія часам, у эпохі рэволюцый, нават без ведама таго, хто іх выказвае, рабіліся праракальнымі.

У Канвенце нястрыманасць прамоў атрымала права грамадзянства. У спрэчках пагрозы скрыжоўваліся і лёталі ў паветры, як галаўні на пажары. На лаянку адказвалі лаянкай. «Змоўшчык!», «Забойца!», «Разбойнік!», «Крамольнік!», «Згоднік!» — чулася з усіх бакоў.