Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/146

Гэта старонка была вычытаная

Пагражалі кулакамі, паказвалі пісталеты, выхоплівалі з ножнаў кінжалы. Трыбуна грымела вогненымі прамовамі. Некаторыя прамоўцы гаварылі так, нібы галава іх ужо ляжала на пласе. Навакол мільгалі спалоханыя і страшныя твары. Каго тут толькі не было: Мантан'яры, жырандысты, тэрарысты, якабінцы[1], ксяндзы, з якіх восемнаццаць царазабойцаў.

Усе гэтыя людзі былі толькі дымам, які ва ўсе бакі разносіў вецер.

Быць членам Канвента азначала быць хваляй акіяна. Гэта можна было сказаць нават пра самых значных асоб. У Канвенце адчувалася прысутнасць волі — волі ўсіх і нічыёй. Мы завем яе рэволюцыяй. Налятаючы хваляй, яна валіла з ног аднаго і ўздымала ўгору другога; гэтага адносіла ў пырсках пены, таго разбівала аб скалы. Яна ведала, куды яна нясецца, і гнала людское мора перад сабой.

Такі быў гэты бязмерна вялікі Канвент. Умацаваны лагер чалавецтва, які атакавалі ўсе цёмныя сілы; вартавы агонь абложанай арміі ідэй, вялізны лагер розумаў, раскінуты над бяздоннем. У гісторыі не было нічога роўнага гэтай групе людзей.

Канвент заўсёды ішоў паводле ветру. Але гэты вецер выходзіў з вуснаў народу.

І цяпер, праз восемдзесят год, кожны раз, калі ў вобразах паўстае з мінулага здань Канвента, уся ўвага мімаволі прыкоўваецца да яго.

МАРАТ У КУЛУАРАХ

На другі дзень пасля сустрэчы з Дантонам і Робесп'ерам на вуліцы Паўліна Марат пайшоў у Канвент.

  1. Якабінцы — члены клуба якабінцаў; называліся так па месцы сходаў свайго клуба — у памяшканні манастыра св. Якава.