Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/148

Гэта старонка была вычытаная

Камітэта грамадскага ратавання трымае ў руках самога галоўнакамандуючага“.

Марат сунуў паперку ў кішэню і павольна накіраваўся к Манто і Шабо, якія размаўлялі між сабой, не заўважаючы яго. Шабо казаў:

— Адзін ксёндз, нехта Сімурдэн, атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы пры віканце Говэне, камандуючым экспедыцыйным атрадам берагавой арміі. Уся задача цяпер у тым, каб не даць двараніну махляваць, а папу — здрадзіць.

— Нічога няма прасцей, — зазначыў Манто. — Варта толькі выпусціць на сцэну трэцюю дзейную асобу — Смерць.

— Я прышоў, каб зрабіць гэта, — сказаў Марат. Шабо і Манто абярнуліся.

— Добры дзень, Марат, — сказаў Шабо. — Ты рэдкі госць на нашых сходах.

Нізка нахіліўшыся да сваіх таварышоў, Марат зашаптаў:

— Слухайце. Я прышоў па вельмі важнай справе. Неабходна, каб сёння-ж хто-небудзь з нас трох унёс у Канвент праект аднаго дэкрэта.

Усе трое замаўчалі. Калі Марат быў чым-небудзь заклапочаны, да яго лепш было не падступацца. Аднак, Манто рызыкнуў задаць яму пытанне:

— Які дэкрэт ты хочаш правесці, Марат?

— Такі, каб кожны ваенны начальнік, які дапусціў уцячы палоннаму мяцежніку, караўся-б смерцю.

— Такі дэкрэт існуе, — умяшаўся Шабо. — Ён прайшоў яшчэ ў канцы красавіка.

— У такім разе ён усёроўна, што не існуе, — сказаў Марат. — Па ўсёй Вандэі палонныя бягуць дзесяткамі. Начальнікі атрадаў глядзяць на гэта скрозь пальцы, а тыя хто хавае іх, застаюцца непакаранымі.