Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/15

Гэта старонка была вычытаная

— Ніякіх забабонаў! — перапыніў яе сержант.

Маркітантка села побач з жанчынай і прыхінула да сябе старэйшага хлопчыка.

— Бедная вы мая! — сказала яна. — Мне вельмі шкада вас, хоць вы мне і чужая. А карапузы ў вас надта добрыя — што праўда, то праўда. Няцяжка здагадацца, каму колькі гадоў. Старэйшаму гады чатыры, а браціку яго — тры. Ну, а таўстушк — гэта надзвычайная абжора: толькі і смокча. Ах ты, нягодніца гэткая! Глядзі, каб не з'ела сваю маці… Дык вось, мадам, вы нічога не бойцеся. І ведаеце, што я вам скажу: паступайце да нас у батальён. Будзеце працаваць, як я. Мяне завуць Гусарыхай. Такая ў мяне мянушка. Я тут накшталт шынкаркі, з тых, ведаеце, жанчын, што служаць пры войсках і разносяць ваду і віно ў час бою. У нас з вамі бадай што аднолькавая нага: я вам падарую мае чаравікі… Дзесятага жніўня я была ў Парыжы. Ну, і гарачы быў дзянёк! Я бачыла, як каралі смерцю Людовіка шаснаццатага. Яго цяпер завуць Людовікам Капетам. Не хацелася яму паміраць. Ды і праўда, вы толькі падумайце: яшчэ трынаццатага студзеня ён спакойненька смажыў каштаны, гутарыў і смяяўся ў сваёй сям'і! Калі яго павалаклі на плаху, на ім не было ні камзола, ні чаравікаў: толькі кашуля, пікейная жылетка, шэрыя суконныя штаны і шэрыя шаўковыя панчохі. Усё гэта я бачыла сваімі вачыма. Прывезлі яго ў зялёнай карэце. Ну, дык як-жа? Ідзіцё вы з намі? Салдаты нашы — добрыя хлопцы. Вы будзеце другой маркітанткай. Я пакажу вам, што і як трэба рабіць. Гэта зусім проста. Начэпіш сабе на шыю манерку з віном, возьмеш званочак і ідзеш у самае пекла. Ходзіш сабе хоць-бы што, пад кулямі і пад ядрамі, звоніш у званочак ды пакрыкваеш: «Хто хоча выпіць, браткі?» Гэта зусім няцяжка. Я ўсім на-