Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/153

Гэта старонка была вычытаная

КНІГА ПЕРШАЯ


ВАНДЭЯ

ЛЯСЫ

У тыя часы ў Брэтані было сем страшных лясоў. Вандэя — гэта бунт папоў. Памочнікам гэтага папоўскага мецяжа быў лес. Адна цемра дапамагае другой.

Гісторыя брэтонскіх лясоў ад 1792 да 1800 года магла-б скласці асобую кнігу; яна ўплятаецца, як легенда ў гісторыю, у шырокую вандэйскую авантуру.

У гісторыі ёсць свая праўда, у легенды — свая.

Вандэйскае паўстанне можа мець поўнае тлумачэнне толькі ў тым выпадку, калі гісторыю дапаўняе легенда. Гісторыя патрэбна для цэлага, легенда — для дэталей. І скажам проста: Вандэя варта такой працы.

Гэтая вайна цёмнага народу — такая недарэчная і велічная, жудасная і надзвычайная — спустошыла Францыю і дала ёй славу.

Каб зразумець вандэйскае паўстанне, трэба ясна ўявіць сабе гэты непрымірымы антаганізм: з аднаго боку, французская рэволюцыя, з другога — брэтонскі селянін. Побач з грозным ходам цывілізацыі, якую з усіх бакоў абступаюць ворагі, — урачыста-сур'ёзны дзікун, доўгавалосы, светлавокі, які жыве малаком і каштанамі. Ён прыкаваны да свайго поля, да свайго двара, да сваёй саламянай страхі. Ён адрознівае па гуку звана ўсе ваколічныя сёлы. Ён карыстаецца вадой толькі для піцця. Ён апрануты ў скураную куртку, расшытую шаўковымі арабескамі, татуіруе сваё адзенне, як яго продкі, кельты, татуіравалі свой твар.