Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/155

Гэта старонка была вычытаная

чыя чалавечыя істоты, называлася «Вялікім горадам». Другая прагаліна, такая самая бязлюдная на паверхні і таксама густа заселеная пад зямлёй, мела назву «Каралеўскай плошчы».

Гэтае падземнае жыццё пачалося ў Брэтані з даўнейшых часоў. Тут чалавек заўсёды вымушаны быў ад каго-небудзь хавацца. Таму ў тутэйшых лясах і трапляецца столькі чалавечых нор, выкапаных пад карэннямі дрэў. У пятнаццатым стагоддзі выразалі «паноў», у шаснаццатым і семнаццатым былі рэлігійныя войны, у восемнаццатым — трыццаць тысяч сабак, выдрасіраваных для палявання на людзей, — вось прычыны, з якіх народ палічыў за лепшае схавацца. Усе па чарзе хаваліся спачатку ў лясах, затым пад зямлёй. Так робяць звяры. Вось да чаго тыранія даводзіць народы. На працягу двух тысяч гадоў усе віды дэспатызма — заваёва, феадалізм, фанатызм, дзяржаўны фіск — праследавалі, як паляўнічыя звера, няшчасную, запалоханую, але ўпартую Брэтань, якая спыняла барацьбу ў адной форме толькі затым, каб пачаць яе ў другой. І людзі хаваліся ў нетрах зямлі.

У душы гэтых людзей заўсёды быў напагатове страх, які мяжуецца з гневам. У лясах былі падрыхтаваныя для іх норы, калі была абвешчана Французская рэспубліка. Брэтань паўстала супроць прымусовага вызвалення, як супроць уціску. Нявольнікам уласцівы такія памылкі.

ЖЫЦЦЁ ПАД ЗЯМЛЁЙ

Трагічныя брэтонскія лясы зноў зрабіліся памочнікамі мецяжа: яны прышлі на дапамогу вандэйскаму паўстанню, як і ў даўнейшыя часы.