Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/156

Гэта старонка была вычытаная

Падглеба гэтых лясоў была падобная на разгалінены карал — так яна была зрытая па ўсіх кірунках бясконцай нябачнай сеткай падземных ходаў, нор і галерэй. У кожнай такой нары тулілася па пяць-шэсць чалавек. Галоўны недахоп гэтых падземных памяшканняў быў у тым, што ў іх цяжка было дыхаць. Але арганізацыя гэтага сялянскага мецяжа была вялікай і магутнай.

У Іль-э-Вілэн, у Пертрскім лесе, які быў прытулкам для прынца Тальмонскага, не было чуваць чалавечага голаса, не было відаць ніякіх слядоў чалавека, а між тым там хаваўся шасцітысячны атрад пад камандай Фокара. У Морбігане, у Мелакскім лесе, дзе, здавалася, не было ні душы, налічвалася восем тысяч узброеных людзей. І абодва гэтыя лясы, Пертрскі і Мелакскі, не належаць да ліку вялікіх брэтонскіх лясоў.

Страшна было ворагу ўступаць у гэтыя нетры. Здрадлівыя пушчы, напоўненыя схаванымі ў падземных лабірынтах байцамі, былі падобны на вялізныя нябачныя губкі, з якіх, пад ціскам гіганцкай ступы рэволюцыі, фантанам пырскала грамадзянская вайна.

Нябачныя батальёны пільнавалі ворага. Пад нагамі рэспубліканскіх атрадаў хадзілі невядомыя арміі, раптам вырастаючы з-пад зямлі і зноў уваходзячы ў зямлю, выскокваючы цэлымі натоўпамі і ў адзін момант знікаючы, волаты ў бойцы і карлікі, калі трэба было схавацца. Ягуары, пераняўшыя нораў кратоў.

Апрача вялікіх лясоў былі яшчэ пералескі і хмызнйкі. Як вакол гарадоў узнікаюць вёскі, таксама і вакол вялікіх лясоў плодзіцца дробны параснік. Лясы злучаліся паміж сабой усюды параскіданымі лабірынтамі такога дробнага лесу. Старадаўнія замкі, якія былі разам з