Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/157

Гэта старонка была вычытаная

тым і цытадэлямі; пасёлкі, ператвораныя ва ўмацаваныя лагеры; фермы з агароджанымі дварамі, якія служылі пасткамі; мызы, абнесеныя равамі і высокім частаколам, — усё гэта былі петлі той сеткі, у якой заблытваліся рэспубліканскія войскі.

Усё разам — увесь гэты дробны лес з хмызнякамі і пасёлкамі — мела агульную назву «Гай».

У некаторых з гэтых лясоў і ляскоў былі не толькі падземныя вёскі, якія групаваліся вакол бярлогі правадыра, але і сапраўдныя пасёлкі з нізенькіх халуп, затуленых пад дрэвамі. Іх было часам так многа, што імі быў запоўнены ўвесь лес. Часта іх выдаваў дым, што ішоў з комінаў.

Жанчыны жылі ў халупах, а мужчыны — у падзямеллях. У часе вайны яны карысталіся і прыроднымі пячорамі і старадаўнімі падземнымі ходамі кельтаў. Схаваным у зямлі мужчынам жанчыны прыносілі ежу. Здаралася, што людзі, забытыя пад зямлёй, паміралі ад голаду. Гэта былі тыя, у каго нехапала кемлівасці на тое, каб адчыніць накрыўку жылля-студні. Звычайна такія накрыўкі, замаскаваныя галлём і мохам, былі прыладжаны так майстэрскі, што знадворку пад травой зусім не былі відаць, а з сярэдзіны адчыняліся і зачыняліся вельмі лёгка. Земляныя работы вяліся вельмі асцярожна; выкапаную зямлю кідалі куды-небудзь у бліжэйшую сажалку. Сцены і падлогу падзямелляў высцілалі папараццю і мохам. Такія падземныя камеры называліся «ложамі». Там можна было ўсталявацца добра, але, вядома, трэба было абыходзіцца без святла, без агню, без паветра, а часам і без харчоў.

Вылазіць з-пад зямлі без асобых перасцярог было рызыкоўна: можна было напароцца на атрад рэспубліканцаў. Страшныя гэта былі лясы: падвойныя