Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/158

Гэта старонка была вычытаная

пасткі. Сінія баяліся ў іх уваходзіць, белыя не адважваліся высунуць з іх носа.

Людзі, што сядзелі ў гэтых звярыных норах, нудзіліся. Часам уначы яны, не гледзячы на небяспеку, выпаўзалі і ішлі паскакаць дзе-небудзь на лясной палянцы, або маліліся богу, каб скараціць час. «Жан-Шуан па цэлых днях прымушае нас перабіраць пацеркі», — пісаў Бурдуазо.

Улетку, калі надыходзіла свята жніва, жыхароў Ніжняга Мэда амаль немагчыма было затрымаць пад зямлёй. У некаторых быў свой асаблівы густ. Дэніс, напрыклад, пераапранаўся за жанчыну і ў такім выглядзе хадзіў у тэатр, а потым вяртаўся ў сваю нару.

Здаралася, што людзі не вытрымлівалі такога жыцця і ішлі прама на смерць, каб толькі не сядзець у такой турме.

Часам можна было бачыць, як накрыўкі падзямелляў трошкі падымаліся: гэта людзі ў сярэдзіне прыслухоўваліся, ці не страляюць дзе, і па гуках стрэлаў сачылі за ходам бойкі. Яны ведалі, што рэспубліканцы страляюць залпамі, а раялісты — паасобку. Калі страляніна залпамі раптам спынялася, гэта азначала, што раялістаў разбілі; калі паасобныя стрэлы паступова аддаляліся, гэта азначала, што раялісты атрымлівалі перамогу. Белыя заўсёды праследавалі разбітага ворага; сінія — ніколі, бо край быў супроць іх.

Гэтыя падземныя воіны надзвычай добра ведалі ўсё, што адбываецца знадворку. Цяжка сабе ўявіць як шпарка зносіліся яны між сабой і ў якім сакрэце гэта рабілася. Яны разбурылі ўсе масты, паразбівалі ўсе павозкі і ўсё-такі знаходзілі спосабы аб усіх паведамляць і папераджаць адзін аднаго. Па ўсёй краіне ад лесу да лесу, ад вёскі да вёскі, ад фермы да фермы, ад халупы да халупы, ад куста да куста, былі