Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/16

Гэта старонка была вычытаная

ліваю, хто толькі папросіць, чэснае слова! І сінім і белым, хоць сама я сіняя. І яшчэ якая сіняя! Але ў піцці я нікому не адмаўляю. Раненых заўсёды мучыць смага. Ну, што-ж, ідзіцё вы з намі? Калі мяне заб'юць, вы зоймеце маё месца. Вы не глядзіце, што ў мяне такі грубы выгляд. Я добрая баба і бравы салдат. Не бойцеся нічога.

Тым часам сержант Радуб чытаў натацыю салдату:

— А ты памаўчы. Ты напалохаў яе. Нельга лаяцца ў прысутнасці дам.

— Ды хоць хто не вытрымае гэткай бязглуздзіцы! — апраўдваўся грэнадзёр. — Я — чэсны чалавек, я не магу спакойна глядзець на гэты дзікі народ. Сен'ёр пакалечыў бацьку, дзеда поп запёк на галеры, свёкра павесіў кароль. А яны — чорт іх ведае! — бунтуюць, б'юцца, лезуць пад кулі за пана, папа і караля…

Сержант прыкрыкнуў на яго:

— Маўчаць! Не разважаць!

І сержант павярнуўся да жанчыны:

— Ну, а муж твой? Што ён робіць?

— Цяпер — нічога: яго забілі.

— Дзе?

— У бойцы.

— Калі?

— Тры дні назад.

— Хто забіў?

— Не ведаю.

— Не ведаеш, хто забіў твайго мужа?

— Не ведаю.

— Сіні ці белы?

— Са стрэльбы забілі.

— Дзе гэта было?

— Пад Эрне. Стралялі… Муж мой упаў. Вось і ўсё.

— Што-ж ты робіш з таго часу, як ён памёр?