Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/161

Гэта старонка была вычытаная

дасканалая бронзавая гармата, якую яны ахрысцілі «Прапаведнікам». Потым яны ўзялі другую, што засталася яшчэ ад рэлігійных войн, з выразаным на ёй гербам Рышэлье і фігурай маткі боскай; гэтую гармату яны назвалі «Марыяй-Аннай». Калі іх выгналі з Фонтэнэ, у іх была адбіта і «Марыя-Анна», вакол якой смела загінула шэсцьсот чалавек сялян. Пазней яны зноў узялі Фонтэнэ, зноў адабралі «Марыю-Анну» і павезлі яе ў свой лагер пад сцягам з гербавымі ліліямі, усю ўпрыгожаную кветкамі, прымушаючы па дарозе ўсіх сустрэчных жанчын цалаваць яе. Два іншыя правадыры надумаліся яшчэ лепш: яны панарабілі гармат з бярвенняў, заместа кананіраў паставілі ля іх манекены і з гэтай артылерыяй, з якой самі шчыра смяяліся, прымусілі сініх адступіць. То быў іх лепшы час — час поспехаў. Пазней яны, уцякаючы, ганебна пакінулі трыццаць дзве гарматы з англійскім кляймом. У той час Англія выдавала субсідыі французскім прынцам. «Хай жывуць англічане!» — такі быў кліч мяцежнікаў.

Пры захопе непрыяцельскіх гарадоў справа не абыходзілася без грабежніцтва. Сяляне-багамолы зрабіліся злодзеямі. У дзікуноў таксама бываюць заганы. Вандэйцы абрабавалі Шалэ, разграмілі Шалан. Пацярпеўшы няўдачу ў Гранвіле, яны разнеслі Віль-Д'ё. Сялян, што далучыліся да сініх, яны называлі «якабінскай чэляддзю» і катавалі іх з асаблівай лютасцю. Яны любілі бой, як салдаты, і разаніну, як разбойнікі. Ім было прыемна расстрэльваць «тоўстапузых», гэта значыць, гарадскіх буржуа; у іх гэта называлася «разгаўляцца». Пры Фонтэнэ іхні ксёндз, кюрэ Барботэн, ударам шаблі палажыў на месцы аднаго старыка, У Сен-Жэрмэн-сюр-іль адзін з правадыроў, дваранін, застрэліў са стрэльбы пракурора сельскай абшчыны і ўзяў