Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/162

Гэта старонка была вычытаная

сабе яго гадзіннік. У Машкуле рэспубліканцаў катавалі сістэматычна, па трыццаць чалавек на дзень, на працягу пяці тыдняў. Кожная такая партыя з трыццаці чалавек называлася «пацеркамі». Іх ставілі спіной да вялікай ямы і расстрэльвалі. Расстраляныя валіліся ў яму часам яшчэ жывыя, іх закопвалі без разбору. На тэрор адказвалі тэрорам.

У вандэйскай арміі налічвалася сто пяцьдзесят чатыры дывізіі. Гэтае войска вяло правільныя аблогі. У адзін дзень яны ўхітрыліся разбурыць чатырнаццаць рэспубліканскіх лагераў.

Патрон для стрэльбы быў гэтым людзям даражэй за чырвонец. А калі яны трацілі з вачэй званіцу свайго сяла, то плакалі, як дзеці. Яны не лічылі ганебным уцякаць з поля бітвы. У такіх выпадках іхнія правадыры крычалі ім: «Скідайце чаравікі, але захоўвайце стрэльбы!» Калі ў іх нехапала зарадаў, яны чыталі малітву і адпраўляліся адбіраць зарадныя скрынкі ў рэспубліканскай артылерыі. Калі набліжаўся вораг, яны хавалі сваіх раненых у высокім збожжы ці ў папараці, а калі бой канчаўся, прыходзілі па іх. Ніякай вайсковай формы яны не мелі, Многія хадзілі абадранцамі. Усе — і сяляне і дваране — адзяваліся ў абы што. На ўсіх былі белыя паясы і белыя шалікі з бантамі. Па колеру бантаў пазнавалі чыны. Ваенныя начальнікі часта былі такімі самымі невукамі, як і салдаты. Правадыры ненавідзелі адзін аднаго. Начальнікі з раўніны крычалі: «Далоў начальнікаў горцаў!» Кавалерыі ў іх было мала, і яе цяжка было арганізаваць. Пюізэ пісаў: «Іншы з іх ахвотна аддае мне сваіх сыноў, але робіцца непрыступным, як толькі я патрабую ў яго коней». Шасты, вілы, косы, старыя і новыя стрэльбы, паляўнічыя нажы, жалязнякі, дубіны з жалезнымі наканечнікамі — такая была ў іх зброя. Некаторыя насілі на шыі