Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/163

Гэта старонка была вычытаная

крыжы з чалавечых касцей. Нападалі яны з гучным крыкам, раптам выскокваючы адусюль — з лесу, з-за ўзгоркаў, з равоў, — абкружалі непрыяцеля, стралялі, калолі, секлі і, знішчыўшы яго, разбягаліся ў розныя бакі.

Праходзячы праз рэспубліканскія гарады, яны ў першую чаргу ссякалі дрэва Волі, запальвалі яго і, узяўшыся за рукі, скакалі вакол кастра. Усе іхнія звычкі былі звычкамі начных драпежнікаў. Яны трымаліся правіла — заўсёды з'яўляцца нечакана. Яны маглі прайсці пятнаццаць лье ў поўным маўчанні, зусім без шуму, не зачапіўшы ніводнай галінкі, не прыціснуўшы травы. Калі надыходзіў вечар, правадыры збіраліся на ваенную нараду, каб дамовіцца на заўтра, у якім месцы напасці на рэспубліканскія пасты, і, калі ўсё было абгаворана і дагаворана, увесь атрад зараджаў стрэльбы, мармытаў малітвы, потым здымаў чаравікі і, ступаючы босымі нагамі па вераску і моху, чарадой прабіраўся праз лясы і пералескі, не гаворачы ні слова, затрымліваючы дыханне, без гуку, як кошка, што выследжвае здабычу ў цемры.

Паўстаўшая Вандэя налічвала не меней поўмільёна чалавек з жанчынамі і дзяцьмі.

Сапраўдная Вандэя — гэта Вандэя ў сябе дома; там яна непаражальная, нязлоўная.

Вандэец у сябе — і земляроб, і кантрабандыст, і пастух, і салдат, і бракан'ер, і вольны стралок, і свінапас, і званар, і мірны селянін, і шпіён, і забойца, і царкоўнік, і звер лясны.

Родная вёска і бацькаўшчына — у гэтых словах рэзюміруецца ўся вандэйская вайна; варожасць двух ідэй — мясцовай і універсальнай. Сяляне супроць патрыётаў, сыны сяла супроць сыноў бацькаўшчыны.