Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/164

Гэта старонка была вычытаная

ВАНДЭЯ ПРЫКОНЧЫЛА БРЭТАНЬ

Брэтань — старая бунтарка. На працягу двух тысячагоддзяў яна паўставала некалькі разоў, і ва ўсіх яе паўстаннях, апрача апошняга, права было на яе баку, але ў апошні раз яна была няправая. А між тым, ці змагалася яна з рэволюцыяй або з манархіяй, з упаўнаважанымі дэлегатамі Рэспублікі ці з герцагамі і пэрамі, правіцелямі каралёў, з выпускам асігнацый ці з саляным падаткам, ці падымалася яна супроць караля або за караля, — гэта была ўсё тая самая брэтонская вайна, вайна мясцовага духу з цэнтральным.

Старыя брэтонскія правінцыі можна параўнаць са стаячай сажалкай: гэтая стаячая вада зусім адмаўлялася цячы; вецер, які праносіўся над ёй, не асвяжаў яе, а толькі каламуціў. Кожны раз, калі цэнтр — Парыж — даваў штуршок, — ці выходзіў гэты штуршок ад каралеўскай або рэспубліканскай улады, ці быў ён накіраваны супроць волі ці супроць дэспатызма, — Брэтань адчувала ў ім нешта новае і натапырвалася. Дайце нам спакой! Чаго вам ад нас трэба?.. І вось жыхар раўніны хапаецца за вілы, жыхар пералеску за карабін.

Жудасная глухата.

Такую глухату нічым не прабярэш.

Вандэйскае паўстанне — прыкрае непаразуменне.

Каласальная па сваім размаху, смелая да дзёрзкасці авантура, шырока задуманы мяцеж, якому суджана было пакінуць у гісторыі назву Вандэі, — славутую, але не добрай памяці назву; Вандэя губіла сябе дзеля адсутных, шчыра аддавала сваю мужнасць для паслугі трусам, без выгоды, без стратэгіі, без тактыкі, без плана, без мэты, без адказнасці, без галавы; яна спрабавала паставіць глухую сцяну цемры, каб адгарадзіць сябе ад святла; Вандэя — гэта васьмігадовая пагроза