Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/166

Гэта старонка была вычытаная

КНІГА ДРУГАЯ


ТРОЕ ДЗЯЦЕЙ

У КАРЧМЕ „ГАЛІНІСТЫ КРЫЖ“

Улетку 1793 года, у канцы яснага ліпеньскага дня, пасля захаду сонца, ля маленькага заезнага дома «Галіністы крыж» спыніўся коннік, які ехаў з боку Аўранша.

Карчма стаяла ля ўезда ў Пантарсон, і яшчэ некалькі год назад на яе шыльдзе можна было прачытаць: «Добры сідр у разліў з бочак».

Увесь дзень было горача, але к вечару ўзняўся вецер.

Падарожнік быў у шырокім плашчы, які прыкрываў круп яго каня, і ў шырокім капелюшы з трохкаляровай какардай, што было вельмі адважным учынкам у гэтай старане, дзе за кожным плотам можна было чакаць засады і стрэлаў, нацэленых акурат у трохкаляровыя какарды. З-пад расхінутага плашча відаць быў трохкаляровы пояс з двума засунутымі за ім пісталетамі, а ўнізе высоўваўся канец шаблі.

На чмыханне каня дзверы карчмы адчыніліся, і на парозе з'явіўся гаспадар з ліхтаром у руках. Быў акурат той час дня, калі на дварэ яшчэ светла, а ў пакоях ужо цямнее. Карчмар паглядзеў на какарду і спытаўся:

— Грамадзянін, вы спыняецеся тут?